Кастрычніцкая “Маладосць”: традыцыйна берасцейская і… міжнародная

Позна ўвечары 18 снежня 2008 года на мой электронны адрас прыйшоў апошні ліст ад Ніны Мацяш. У гэты час я скончыў працаваць і выключыў камп’ютар, і той ліст чытаў ужо раніцай 19 снежня, натуральна, не ведаючы, што яе ўжо няма. А ліст быў пяшчотны, суцешлівы, бо яна дужа непакоілася пра тое, каб літаратурная Берасцейшчына выглядала годна ва ўсіх адносінах.

І ўжо наступны ліст пісаўся адначасова і ёй, і сабе, і людзям, і ў пространь, у невядомасць…

У рубрыцы “Эпісталярый” — электронная перапіска Анеатоля Крэйдзіча з Нінай Мацяш.

 

Мама – гэта нешта вялікае, пяшчотна-цёплае, з лёгкай незразумелай журбінкай. Яно гатовае ўсё выслухаць, усё зразумець, ўсё прабачыць. Гэта вялікае пастаянна ахутвае Жэньку, яму нязмужна і ўтульна, калі ён адчувае гэта ахутванне..

Тата – гэта нешта рэзка-вуглаватае, строгае і прамое, як іх дом, цвёрдае, халоднае. Яно заўсёды насцярожанае,  гатовае паправіць, асудзіць і нават накрычаць. Але яно моцнае, яно надзейнае, яно абяцае абарону…

А яшчэ ёсць кплівае, яхіднае, якое адно і чакае моманту, каб пакрыўдзіць і зняважыць – гэта Мікіта.

Так пачынаецца аповесць Валерыя Гапеева.

 

Чатыры дні, як ЯНА не чула ЯГО голасу. Сама забараніла ЯМУ званіць. Гледзячы па ўсім, ЁН ад гэтага толькі ўзрадаваўся. Цяпер у ЯГО поўная воля, нават тэлефон не давядзецца адключаць! Ніхто не будзе назаляць абавязковымі званкамі, маралямі, рэўнасцю, бо цяпер ЁН для ўсіх і… не для каго. А мо і нейкай іншай кралі? Той, што з метро, напрыклад. Дужа спадабалася ЯМУ.

Проза дэбютанткі Ганны Асіпук.

 

 

Нумар, што прадставіць беларусам творчасць літаратараў-замежнікаў — жывую, толькі-толькі з-пад пяра суседзяў, палякаў і ўкраінцаў... Цікава, як у іх з верлібрамі і эпатажам, эксперыментам і кропкамі-коскамі? Якія тэндэнцыі, плыні, традыцыі?.. Нашы — ці будуць удзячнымі? Мы — ці ўразім замежнікаў?

Чакайце з натхненнем!