“Яшчэ ў Мінску, браніруючы хостэл, я прыкмеціў адзін недарагі варыянт на рагу вуліц Піліма і Каліноўскага (Pylimo, 5/K.Kalinausko, 2). Называецца ён проста: “Pylimo svečių namai”, або “Гасцявы дом на Піліма”. Яго гаспадар – літовец Арвідас — вельмі гасцінны малады чалавек. Пабачыўшы фота, я не мог паверыць – я буду жыць у будынку, у якім у 1911–1913 гадах месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы», а таксама беларуская кнігарня!”
Канстанцін Касяк, літаратурнае падарожжа “Па слядах Ластоўскага”
“Маю гонар гэтым запрапанаваць Б[еларускаму] Н[авуковаму] Т[аварыст]ву набыць ад мяне колекцыю рысункаў (графікі) этнографічна-краязнаўчага значэньня – лікам каля 60 экзэмпляраў, пераважна з Палесься, – па рублю (-5 зл[отых]) за экзэмпляр, – а я са свайго боку, маючы пільную патрэбу ў грашах, як безработны, у компэнсацыю за зробленую ад мяне закупку, – заафяроўваю для Беларускага Музэю ім[я] І[вана] Луцкевіча, – як дар, – колекцію сабранай мной старасьветчыны, з рознамейсцавых раскопак”.
З неапублікаванай эпісталярнай спадчыны Язэпа Драздовіча
“Тэорыя літаратуры – пані шляхетная, сур’ёзная і строгая, дакладная, я б нават сказаў “пунктуальная” і чапурыстая. А студэнты, як вядома, народ не схільны да пунктуальнасці ва ўсіх яе сэнсах. Асабліва на журфаку. Так ужо склалася. Словам, ТВОРЧАСЦЬ – перадусім, а розныя там “змест-форма”, “сюжэт-кампазіцыя”, “лірыка-эпіка-драма” – гэта для пацучкоў-філолагаў”.
Арцём Кавалеўскі, “Пад знакам crescendo”
“Вось чаго мы больш за ўсё баімся – застацца ў адзіноце! Тым не менш, амаль заўсёды — адзінокія. Гэта праўда, у якой страшна прызнацца сабе, таму мы амаль заўсёды робім выгляд, што нас тэма адзіноты не датычыцца. Але адзінота – лейтматыў нашага жыцця і, у некаторай ступені, “асноўны інстынкт” усіх “лішніх людзей”. Ты глядзішся ў люстэрка ўласных фантазій і, напіўшыся імі дап'яну, выпраўляешся спаць, ведаючы напэўна, што зноў усю ноч цябе будзе гвалтаваць бяссоніца”.
Іераманах Яўстафій, “Жыровіцкі дыярыуш”
“У Мінску відаць неба, у Мінску чыстае паветра, можна раніцай выехаць на прыроду і прыбыць на запланаванае месца праз гадзіну, а не ўвечары. У Мінску вельмі ціхія людзі, пасля Масквы тут ствараецца ўражанне, што мы ўсе размаўляем шэптам. У Маскве ж усе эмацыйныя, дзелавыя і шумныя. Затое лягчэй ідуць на кантакт. Мы ж і праўда нагадваем партызан. Затое прыгожых, інтэлігентных і акуратных”.
Вольга Аверкава-Літвінава, артыкул “Масква — Мінск”