Творчасць У. А. Калесніка

Творчасць У. А. Калесніка

Вершы Уладзіміра Калесніка Канечне ж, гэта неспадзяванка і нават маленькая сенсацыя – нікому невядомыя вершы вядомага крытыка і літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка, якія ён пачаў запісваць у спецыяльна прыгатаваную для гэтага акуратную, немалога фармату запісную кніжку недзе яшчэ ў першай палове 50-х гг. Вершаў няшмат. Усяго іх дванаццаць. Пра тое, што масціты вучоны і крытык, маючы безліч творчых захапленняў, пісаў яшчэ і вершы, акрамя ягонай жонкі Зосі Міхайлаўны да самага апошняга часу ніхто ніколі не чуў і нават не здагадваўся. Сам аўтар, маючы ўжо рэнамэ саліднага вучонага і літаратара, сваім паэтычным практыкаванням таксама, відаць, не прыдаваў асаблівага значэння і публікаваць не збіраўся. Ды і наўрад ці гэта было магчыма на той час па ідэалагічных меркаваннях… І вось трымаю іх у руках і дзіўлюся: пра крытыкаў звычайна гавораць як пра творцаў, якія не адбыліся, не здзейсніліся… А тут у большасці не проста добрыя, але моцныя вершы, у якіх нязвыклыя для таго часу адчуванне ўнутранай свабоды і творчай разняволенасці, інтэлектуалізм і філасафічнасць, якія стануць знакавымі для беларускай паэзіі толькі ў другой палове 60-х гг. Падрыхтаванаму чытачу няцяжка будзе заўважыць у вершах У.Калесніка той самы дух свабоднай творчай асобы, які віраваў і ў ягоных крытычных і публіцыстычных артыкулах і навуковых працах, поўных эмацыянальнага запалу, палемікі, гуманістычнага пафасу, якія нямала паспрыялі тагачаснай нашай паэзіі ў пошуку і асваенні ёю новых інтэлектуальных і эстэтычных вышынь. Але ёсць і розніца: вершы У.Калесніка – безцэнзурныя, бо пісаліся не для друку, былі выяўленнем унутранага свабоднага пачуцця і мыслі аўтара. Бо не даравалі б былому партызану ні цікаўнасці да філасофіі Ніцшэ (“Чытаючы Ніцшэ”), ні смелых высноў аб “азіятчыне” крамлёўскіх уладароў, пад гнётам якіх “трывае Русь ужо семдзесят гадоў” (“Жалобныя рэфлексіі”). Цяпер асабліва выразна разумееш, што арыгінальны мастак, свабодны творца ўвесь час канкурыраваў і спрачаўся ў ім з марксісцкім вучоным і крытыкам, а ўласная, няхай і несістэматычная паэтычная практыка, як нішто іншае, дапамагала разбураць нарматыўныя ідэалагічныя ўстаноўкі і стэрэатыпныя ўяўленні аб змесце, формах і межах паэзіі, адстойваць і сцвярджаць выключнае права паэта на свабодны пошук і творчае самавыяўленне. І хоць паэзія, (дарэчы, як і жывапіс, разьба па дрэве, фатаграфія і інш.), не стала для Уладзіміра Андрэевіча асноўнай сферай творчасці, сам факт існавання вершаў і іх даволі высокі мастацкі ўзровень красамоўна сведчаць аб універсальнай і разнабаковай творчай адоранасці гэтага выдатнага творцы і дасканалага крытыка, якому давяралі свае таямніцы музы самых розных мастацтваў. Тэксты ягоных вершаў, якія друкуюцца тут упершыню, падаюцца паводле арыгіналаў, якія захоўваюцца ў хатнім архіве жонкі пісьменніка Зосі Міхайлаўны Калеснік.

(Генадзь Праневіч)

* * * Дзве радасці ведае свет: Адна ў агні спраў добрых і злых гарыць – не згарае. Другая возерам у ціхі дзень на неба глядзіць – не мігае, халодная, лагодная, дабру і злу чужая. * * * Робіцца млосна мне, Ныюць-гараць раны. Раніцай роснаю Панясу млосць сваю у лясы пад курганы. Пад пяском-дзірваном Спяць сябры-партызаны. ЖУРАВЕЛЬ Трывожна, пранізліва, страшна крычаў журавель, ад стаі адстаўшы. Гэта ён дзесьці ў лёце высокім край хмары снегавой знячэўку крануў крылом. І з тонкага горла сам вырваўся сполаху енк немы: "Здзек зiмы наблiжаецца – ратунку!" * * * Хату старую бяроза вартуе Кволае звесіўшы вецце, Золатам лісця цярушыць На шэрую кепку страхі. Так чараўніца мак сыпле На землю, людзям на сон. Белая ножка бяссіллем павабна сагнута, Як у дзяўчынкі, што ветла прысела ў паклон, нясмела вітаючы брата-бадзягу з далёкіх і страшных дарог. Як не ўздыхнуць тут з палёгкай, прыйшоўшы да роднае хаты, да цішыні і спакою бярозы з цяжкіх шалёных дарог. * * * Ты на сустрэчу мне не вышла, А я чакаў, а я шукаў… І сколькі раз за гэты вечар Цябе ў натоўпе сустракаў. * * * У кожнай смуклай і прыгожай Тваіх шукаў, знаходзіў рыс, Аж покуль маладзік з адчаю На нізкім голлі не павіс. Я ў горы павярнуў дахаты, Ды не было спакою мне: Цябе шукаў я аж да рання У соннай яве і ў паўсне. ЧЫТАЮЧЫ НІЦШЭ Усё нахабней я дражню свой лёс, А ён буркне, як стары пёс. І тут жа дрэмле, жмурыць вейкі – Бяскарна мне даруе здзекі, – Уздымайся, самалюбец, да нябёс, Бо да дабра і зла прытуплена ўвага. Няўжо жыцця разбіта раўнавага? ЖАЛОБНЫЯ РЭФЛЕКСІІ У камунізм імкнулася фантазія, Даверліва ляцела ў даль вякоў, Але знянацку пасць крывавую Раскрыла сонна Азія – Зяўнула старчаю заразаю: – Спыніся, Русь, на семдзесят гадоў! ЯК ГЕРКУЛЕС Як Геркулес Аморалу, Пасадзіўшы цябе на калені, Ніткі праду… З туману ўспамінаў, Нібыта з воўны авечай, Белай і цёмнай, – То будзе посцілка нам для кахання. Ніткі праду – З дзікіх сваіх пажаданняў, Як з жорсткіх канопляў, Кастравых і моцных. То будзе страсці вяроўка, Якою надзейна прывяжаш Свайго валацугу. Разам прадзем Ніткі з нашых надзей, Як з недапрадку вясёлкі, – То будзе сцяг наш кахання і шчасця. Яго мы ўздымем Над вогнішчам родным. ДАРОГІ ЮНАЦТВА Дарога юнацтва! Ты роўная – простая Саломкай праменняў Раўнютка засланая. Хто ж-та заслаў цябе? Маці, якая ніколі не можа паверыць Што сын ужо ходзіць, не падае? Бацька, што толькі на словах Гразіцца пусціць свайго сына Самай цяжкою дарогаю? Можа, дзяўчына, Што ў снах паяўляцца ўмее Такой чараўніцай з матчынай казкі? А, можа, уся гэта дарога – З праменняў, з вясёлкі Казачны экскалатар – Толькі прыснілася ноччу купальскай. Угору вядзе, да вяршынь, А лёгенька крочыцца – Нібы калачык з горачкі Коціцца. ЖЫТА У годы чорныя фашысцкае навалы Мы жыта сеялі каля парогу хат, бо поле жытняе і “схрон”, і спрат для гневу справядлівага, якім пылала Радзіма-паланянка, Беларусь. І кожны раз, як падыходзіла блакада І ўнук, і дзед у жытнёвы лёс зашыцца лез. І жыта ўсіх бязбройных прытуляла Усяму народу ратавала жыццё, Не быўшы нават хлебам ці куццёй. Жыццё і жыта розныя два словы, а выстралілі з корня аднаго, наш продак словатворца адмысловы, даваў паняццям назвы о-го-го! Перасыпаў іх дбайна парастак славянства са жмені ў жменю і выдзьмухваў пыл, а потым, нібы пацеркі ружанца перабіраў, не шкадаваў ні часу, а ні сіл. Ён верыў у сябе, у доўга-доўгалецце Зямлі і Сонца, жыта і жыцця, Вясной кідаў зярняты ў зямлю-маці ад чорных сіл шаптаў свае закляцці, каб дзетак сыціла крупяная куцця. Матычкай перапешчана, паліта потам Дзірванна-непакорная ралля яму радзімай любай стала потым і хараством дзівосным расцвіла. Драпежны паляўнічы – зверагон Стаў хлебаробам аж да скону дзён. Спрадвеку дружба жыта і жыцця, Сахі і рук, зярнят і роднай глебы ты корміш нас усіх духмяным хлебам, і хлебам чорствасці штодзённай і тым святочным хлебам пачуцця. Вершы, прысвечаныя Уладзіміру Калесніку Алег Лойка ЗАХОПЛЕНЫ ПРАФЕСАР Светлай памяці Уладзіміра Калесніка Ён быў у захапленнях, Нібы ў лусцы стронг, быў: Красу ўвасабленняў, Як белы свет, любіў. І бачыў тыя пальчыкі, Што бачылі яе, Мо крышачку зухвальчыкі, Аднак красе свае. Сам меўшы іх, не імі Ён цешыўся ўвесь век, А перш за ўсё чужымі, Не даўшы іх на здзек. Ён, нібыта асэсар, Красу ў прыгон цугляў, – Захоплены прафесар Сабою захапляў. Алесь Каско ПЕРАЕМНАСЦЬ У.А. Калесніку “Нялёгка будзе маладым, калі бывалыя салдаты цераз мяжу апошняй даты ў легенды сыдуць назаўжды...” Нам кажуць так не ўпершыню, І азіраемся ў трывозе На ўладкаваных пры абозе, далекавата ад агню. Надзеі мала, пабягуць... Агонь – ён не для ўсіх стыхія. І ўсё важней нам: хто, якія – у злітным, шчыльным ланцугу? Яшчэ ўзмужнелыя не ўсе, Не ўсе напоўнены адвагай, затое – вераю і прагай служыць Радзіме і Красе. Ёсць, дзякуй богу, і цяпер каму павесці за сабою і лініяй перадавою трымаць аголены свой нерв. Яно вядома: не ў вайну, тут іншы фронт... А ўсё ж ці проста ўставаць і крочыць поўным ростам, браць і адстойваць вышыню? І калі цяжка – кожны раз нам свецяць лёсы агнявыя, каб ведалі: не бог нас крые – салдаты прыкрываюць нас. 1996 Анатоль Дэбіш РАЗВІТАЛЬНЫ САНЕТ Жыццё – як зорка; блісне сярод хмар І згасне ў цемры ночы безнадзейна, Пакінуўшы на межах ніў завейных Зярняткі слоў і мудрасць ясных мар. Зазалаціцца пэўным днём абшар Цяжкім калоссем справаў цудадзейных, Усе задумы выспеюць і дзеі І высвецяць прарока думны твар. Я ведаю, цяпер і праз вякі І Вас чакае час і лёс такі – Аратая, настаўніка, прарока. Адыдуць прэч і боль, і тлум журбы. Не счэзне зерне Вашае сяўбы, – Жытнёвым словам зашуміць высока! Васіль Жуковіч МАЙМУ НАСТАЎНІКУ З тым горадам, дзе, як паводка, пятнаццаць год маіх сплыло, было развітвацца мне горка, не толькі сумна мне было. Там з задушэўнымі сябрамі дзяліў я радасці свае, там быў я зроднены з барамі, дзе крона сонечна пяе. ...Цякла бяседа на змярканні. Калі ж настаў расстання час, мой голас выдаў хваляванне, як нельга выдаць напаказ. І ты мяне, як бацька сына, настаўнік, к сэрцу прыгарнуў, перад нялёгкай пуцявінай маю ўпэўненасць вярнуў. Цягнік праз ноч ляцеў. Маланкі красалі ў цемрыве святло. А я ўслухоўваўся да ранку у сэнс тваіх нядаўніх слоў. Настаўнік мой, харошы самы, чамусьці гэтак часта сню, што ўсё яшчэ здаю экзамен, хвалююся, бы ўпершыню. 1995 ТРЫВОЖНАЯ ВОСЕНЬ Смяротна хворы добры мой настаўнік, як свечка, жоўты, як ўвосень ліст; уратаваць яго ніхто не ў стане, а жыццялюб такі ж, як быў калісь. Агонь жыццёвы зводзіцца павольна, трымаецца, як прысак у кастры. Прафесар, ён яшчэ на жарты здольны, як завітаюць вучні ці сябры; падобна, не баіцца лютай смерці, яе так часта бачыў на вайне. Магутны Бог, не дай пакуль памерці, дапамажы яму, пачуй мяне! Ён майстра непаўторна-адмысловы, спяшаецца, асільваючы боль, праўдзівыя знайсці такія словы, каб выказаць бязмежную любоў; шмат бачылі праніклівыя вочы, пачуццяў сэрца вынасіла шмат; паспець сказаць павінен ён да НОЧЫ, у гэты – мо апошні – лістапад... Рука пяро трымае, думку – памяць, яшчэ ў душы гарыць святы агонь. Сустрэцца з ім лячу праз лісця замець; ах, лістапад, не забірай яго! Лістапад 1994 БУДАЎНІЧЫ БУДУЧЫНІ Паміж Мінулым ды Будучым мінаючы ці адмяняючы дробязнае, Чалавек будуе свет; самае каштоўнае пераносіць з Мінуўшчыны ў Будучыню: Чалавек – будаўнічы Будучыні. Памяць і Любоў – магутныя крылы – дазваляюць яму сваё цела паставіць на службу Духу, службу верную, самаахвярную. Калі на Свет Чалавека насоўваецца цяжар цемры, запальваецца свечка цела, і цемра, разгубленая, марудзіць; цемра замірае прад святлом. Цемра памірае перад Духам. Калі згасае свечка цела, на зямлі застаецца святло з крыламі Любові і Памяці. І з рысамі Мінулага пазнаюць людзі Будучае. Гэта – змест, гэта – сэнс, гэта – прыклад служэння (для сучаснікаў і нашчадкаў). Снежань 1995 * * * Свет хісткі і век наш кароткі; глядзіш – і палічаны дні, – пара адпраўляцца да продкаў, у край незямной цішыні. Там – вечнасць... Якая там вечнасць, для нас таямніца сама... Што ж тут, у жыцці хуткацечным? Вясна, лета, восень, зіма?.. Шукаю, шукаю няўтомна ў мурашніку сэнс і ў гняздзе... А як жа стварае грунтоўна сябе чалавек між людзей! Жыцця рухавік незалежны ад нас, толькі, што ні кажы, ў руках мысляра непазбежна яго дасканаласць душы. Снежань 1995 * * * 14 снежня 1995 года, у дзень І Мемарыяльных чытанняў у Берасці Так нязмушана, шчыра, свабодна гаварыла сябрына пра Вас, Уладзімір Андрэевіч, родны! Заўтра – сумная дата якраз. Вобраз Ваш у развагах стваралі не прыгладжана-посны – жывы. Калі чулі ўсё, ці не назвалі нас, аднак, пашахонцамі Вы? * * * Зося Міхайлаўна – Ваша паплечніца – хутка сівець пачала. Што, каб яшчэ ды не клопаты вечныя? Самаахвярна шчыруе, сардэчная, Працалюбівая, быццам пчала. Усё на высокай любові трымаецца; вернасць – адданая любові сястра, з Вамі ўсё Ваша любімая раіцца; век ёй тужыць, стаўшы белаю чаіцай, покуль не прыйдзе СУСТРЭЧЫ пара. 17 снежня 1995 * * * Прыроды зімовае ззянне – пачатак пагожага дня – у гэта журлівае ранне душой не адразу прыняў. У час, калі свет чалавечы ішоў – памінальна – са мной, здавалася мне недарэчнай усмешка прыроды самой. Падумаў жа: ў ззянні прыроды, душа я г о зліта з якой, ёсць нешта ад чуйнай турботы і штось ад усмешкі жывой... Пачаўся дзень белы-бялюткі, дзень снежаньскі – сонца ды снег. З імглой натуральнага смутку душы далягляд паяснеў. 15 снежня 1995 Кастусь Жмінько ІСЦІНА Шукайма ісціны ў патрэбе пазнання свету і самога сябе. У. Калеснік Так блізка лета да журбы. Мярэжы павуціння. На Спаса скокну па грыбы, Згублюся ў дымцы сіняй. І першы з гумарам крумкач Між дрэвамі густымі Мне згушкае на золку плач Арэлямі старымі. Звінецьме ў верасе пчалой Шчымлівая мінуласць. Дакор, адчай і неспакой Пачую ў звоне-гуле. Вуголле згадак марны лёс Мне на душу абрыне. Што век нясе, што я прынёс Пакутніцы-краіне?.. ..Пайду назад, да бальшака: Няма. Хвіліна страху... Кранецца мудрая рука: – Твой шлях ёсць пошук шляху. Мікола Аляхновіч З надзеяй, любоўю і вераю – былінка ў сусвеце людзей – спакон і заўсёды верую: ёсць ранак, то будзе і дзень. Не кожны трымаецца вернасці – прадажны, няверны час! Ні веры, ні страху, што вернецца любоў і надзея да нас. Спыніцца б – часу не дадзена. Нявер’е – хоць гвалт крычы! Жыццёвае веры прадзіва замацаваць бы... Чым?! Надзея на кон пастаўлена... Хто да чаго дабяжыць... Ты не дазволь, настаўнік, нам без веры ў свята жыць! Мікола Пракаповіч ШЛЯХ Мы шлях выбіралі самі, Акрыленыя яшчэ... У вочы ўзіралася Памяць: Усё чалавечае – з вамі? І мы не хавалі вачэй. Быў шлях той – на ўсіх адзіны, Ад родных сівых муроў... Гукала Пагоню сябрына, Вянчаліся мы з Айчынай Ля чыстых купальскіх кастроў. Рамантыкі і паэты, Забыліся мы пра час І сплочвалі поўніцу свету За веру, што будзе гэтак: Пачуе Айчына нас. Валошкі ў прыбітым жыце – Нямая туга ў вачах, – Куды ж мы прыйшлі, скажыце, І колькі высокіх жыццяў Запатрабуе Шлях? Міхась Рудкоўскі МОЙ ДЗЕД БЫЎ СЕЛЬСКІМ КАВАЛЁМ Мой дзед быў сельскім кавалём, кавальскай справы каралём: калі каваць – ужо каваў, не ў хаце – ў кузні начаваў, а баляваць – дык баляваць і дзень, і два, і тры, і пяць. Стары, а сіла ў руках: рукі ўзмах – душы размах. Спакойна дзед мой паміраў, не паміраў, а дагараў, не дагараў ён, а згараў, як вугаль ў горне. Папрасіў: – Вады, унучак, прынясі, усё ў грудзях маіх пячэ... Прынёс. Ён выпіў. – Мы яшчэ з табой, унучак, будзем жыць, каваць плугі... Ну, ты бяжы – гуляй... я ж трохі прыкархну... І я памчаўся ў сінь-вясну, а ён заснуў... навек заснуў... Сякеры гахкалі ў лясах, звінела ў лугах каса, што дзед загартаваў; падковай высякаў агонь на кіламетры сотым конь, што дзед мой падкаваў. А вечарам з падхмарных стром прагрукатаў над кузняй гром, і, зломленыя ў крыле, маланкі ўпалі ў траву... _____________ Яшчэ і сёння на сяле нас Кавалёвымі завуць. Мой дзед быў сельскім кавалём, кавальскай справы каралём. Ніна Мацяш СА ШЧЫМЛІВАЙ УДЗЯЧНАСЦЮ... Апошняя мая размова з Уладзімірам Андрэевічам адбылася за дзесяць дзён да Ягонага адыходу. На мой званок у Брэст тэлефонную трубку, як зазвычай, падняла Зося Міхайлаўна. Уладзімір Андрэевіч, пачуўшы ейнае вітанне са мной, сам, хоць я й пярэчыла, прасіла Зосю Міхайлаўну не турбаваць Яго, падышоў да тэлефона. Ягоны кволы, страшэнна стомлены працяглай пакутаю голас на гэты раз ужо не ўтрымваў аніякай надзеі на палёгку. “Хутчэй бы ўсё гэта ўжо скончылася”, – адзіная фраза, датычная ўласнага самапачування, якую гэтым разам дазволіў сабе Уладзімір Андрэевіч, і тут жа скіраваў усю ўвагу на мяне, распытваючы, што я раблю, над чым працую. Я расказвала Яму пра нямецкую паэтку Хрысціну Лавант, пра свае пераклады з ейных кніжак і са шчымлівай удзячнасцю адчувала, якой неадменна шчырай, спагаднай зацікаўленасцю да кожнага майго творчага руху ўсё яшчэ поўнілася душа Настаўніка. “Працуй, Ніначка, працуй. Творчасць – адзінае, што тут вартае нашых высільванняў да рэшты, да канца”. На маё абяцанне даслаць Яму будучую кнігу з надзеяй на заўжды жаданы, бо справядлівы і мудры, водгук Настаўніка Ён прамаўчаў: Ён ужо ўсё ведаў пра свой побыт на гэтым свеце... Я праз цябе зледзянела, я праз цябе згарэла, ты стаўся чыстцом маёй плоці, ты расцёр мой пірог велікодны, ты завініўся мне ўваскрэсеннем. Жалюся я Мілавіцы вячорнай, жалюся я Мілавіцы світаннай: ніколі не буду святлінкай прад сонцам, а былінкай на цёмным баку месяцовым, дзе ўзыходзяць сумлення згрызоты. Што ў табе робіць хлеб беднай душы маёй, што ў табе робіць мой напой памінальны, каму дазволена зараз табе пячы ды марозіць, каму дазволена ісці праз твой чысцец? Вось я ад цябе й паела, вось я ад цябе й папіла, вечна будзе прасветленай ува мне тая косць, што пірог велікодны твой сузірацьме. (Хрысціна Лавант) СТУДНЯ Піць, Не толькі вуснам, Сэрцу піць. Кожны сам сваю капае студню. Дзе ж мая крынічка спіць? Важкі, вязкі глей далоні студзіць. Піць. Каб не адной. Яшчэ кагось, Шчэ адну хоць Блізкую мне душу Напаіць з калодзежа майго. Да крынічкі я дабрацца мушу! Уздыхну, шчаслівая, тады, Праз гады дарогу пацалую, Прыпаду да ломкае вады, Смагу наталю І... засмуткую. Святлана Варонік У Верасня – душа паэта. Ля вогнішча пагрэецца душа... І не адна яна вандруе і шукае, маўчыць, гукае... Чуе Зорны Спеў... * * * У паэта – сумота: не пішуцца вершы... Сівеюць скроні, а ты – не першы... Падыйшоў малады Калеснік, падварушвае вогнішча... * * * Майстар і Маргарыта... Скарыну пра Полацак сняцца сны. Сняцца сыны... Прагнучы Прагі – чытаю-п’ю: “Понеже от прирожения...” * * * Растуць з зямлі камяні самотна-маўкліва... Не дзіва... Расце і магільны камень, і той, што кладуць у падмурак... Расце каля ганку памяць... * * * Захочаш у далонях патрымаць сярод зімы халоднае валошкі... І ад галінкі моднае ялінкі пачуеш пах Купалля і Дзядоў...