Сустракаем самы сакавіты сакавіцкі нумар “Маладосці”! Матэрыялы ў ім традыцыйна на любы густ. “Маладосць”працягвае спраўна выконвацьсваю адвечную функцыю: адшуквае і прадстаўляе на сваіх старонках новых, маладых аўтараў, не забываючыся, аднак, пра тых, чые імёны ўжо даўно на слыху. У трэцім нумары гэта класік Васіль Зуёнак, паэткі Таццяна Сівец і Серафіма Бестава, празаікі Ганна Навасельцава і Уладзімір Сцяпан.Не абышлося без смелых эксперыментаў: апавяданне Аксаны Варатніковай “Палескі лячэбнік” для тых, хто любіць нестандартны падыход да мовы. Сакавіцкая “Маладосць” разам са сваімі чытачамі, удзельнікамі апытанкі, разважае над балючай праблемай беларускай мовы, размаўляе з цікавымі прадстаўнікамі маладога пакалення, прыклад якіх заклікае шукаць і не баяцца крута змяніць уласнае жыццё. І яшчэ адно. Вы чулі калі-небудзь імя Іосіфа Гашкевіча? Калі не, то тэрмінова набывайце трэці нумар “Маладосці” і знаёмцеся з матэрыяламі, падрыхтаванымі да 200-годдзя гэтай выбітной асобы. І прыдбаеце яшчэ адну падставу ганарыцца нашай Беларуссю. Прыемнага чытання!
Тамара Сарачынская